
Першыя крокі
Нарадзіўся Іосіф Рыгоравіч 5 (18) студзеня 1882 года ў горадзе Бельску, які ў той час уваходзіў у Гарадзенскую губерню Расійскай імперыі. У 1901 годзе ён скончыў гімназію і пераехаў у Адэсу, дзе паступіў у мастацкае вучылішча на архітэктурнае адзяленне. Пасля яго заканчэння будучы дойлід пераехаў у Пецярбург і паступіў у Акадэмію мастацтваў. У жніўні 1914 года пачынаецца Першая сусветнай вайна і Лангбарда прызываюць у Рускае імператарскае войска.
Пасля перападрыхтоўкі на вайскова-тэхнічных курсах нашага героя прызначаюць начальнікам інжынернага атрада. У гэты час па яго праектах былі ўзведзеныя будынкі Імператарскага сельскагаспадарчага музея, Тэатра мініяцюр ў Петраградзе і Кастрамской губернскай земскай управы. Калі ўладу ў Расіі захапілі бальшавікі Лангбард прапанаваў свае паслугі ім. У 1923 годзе ён удзельнічаў у конкурсе праектаў Палаца працы ў Маскве. Праз год Іосіф Рыгоравіч прапанаваў свой малюнак помніка У. Леніну, які планавалася паставіць ля Фінлядскага вакзала. У выніку камісія выбрала іншы варыянт, але праект Лангбарда атрымаў 1-ю прэмію.
Галоўны будынак савецкай Беларусі
У сярэдзіне 1920-х — пачатку 1930-х гадоў Іосіф Рыгоравіч удзельнічаў ў шэрагу конкурсаў на будаўніцтва жыллёвых раёнаў у Маскве, Ленінградзе і Растове-на-Дану. Так, у 1926–1927 гадах архітэктар выканаў конкурсны праект 300-кватэрнага жылога дома для працоўных завода “Чырвоны трохкутнік” у Ленінградзе. Ідэя Лангбарда спадабалася і была прынятая да выканання. Варта пры гэтым адзначыць, што архітэктар як мог, выступаў супраць ідэі “дома-камуны” і спрабаваў абараніць прынцып індывідуальнай кватэры.
У 1929 годзе прапанова ленінградца стала лепшай на конкурсе праектаў будынка Дома ўрада ў Мінску. Цяжкасць праектавання і будаўніцтва галоўнага адміністратыўнага будынка Беларусі заключалася ў тым, што на той момант не было генеральнага плана рэканструкцыі і развіцця Мінска. Цэнтральная частка горада была шчыльна забудавана, таму архітэктарам даводзілася ўпісваць “свае” будынкі ў існуючую забудову. Раён, дзе вырашылі будаваць Дом ураду, быў хаатычна забудаваны драўлянымі, аднапавярховымі дамамі. Насупраць ужо ішло будаўніцтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па праекце архітэктараў І. Запарожца і Р. Лаўрова.
Лангбард разумеў, што ўрадавы будынак вызначыць знешні выгляд Мінска. Ён развярнуў яго фронт уздоўж тагачаснай галоўнай вуліцы горада, дзеля падкрэслівання яго рэпрэзентатыўнасці. Да таго ж ленінградскі архітэктар вялікую ўвагу надаваў афармленню тэрыторыі вакол збудавання. Тут размова ішла пра галоўную плошчу сталіцы БССР, дзе будуць адбывацца вайсковыя парады і агульнарэспубліканскія святы. Дойлід імкнуўся паказаць манументальнасць будынкаў не з дапамогай дарагіх матэрыялаў, але за кошт выкарыстання кампазіцыйных прыёмаў і дбайнай прапрацоўкі дэталяў. Дом ураду ў Мінску стаў архітэктурнай дамінантай горада.

Мантаж герба БССР на фасадзе Дома ўраду, пачатак 1930-х гадоў
Цэнтральная частка будынка, якая складалася з дзевяці паверхаў, адсунутая ўглыб на 50 метраў і апраўленая з двух бакоў карпусамі, вышыня якіх паступова паніжаецца да пяці паверхаў. Разам з цэнтральным аб’ёмам яны ўтвараюць абмежаваны галоўным корпусам і бакавымі флігелямі парадны двор (курданёр) перад будынкам шырынёй прыкладна ў 100 метраў. У ім Лангбард планаваў устанавіць помнік у гонар стварэння БССР, аднак пазней ад гэтай ідэі адмовіліся.
Што пісалі ў газетах
Варта ўлічваць, што пры будаўніцтве Дома ўраду ў Мінску амаль не выкарыстоўваліся складаныя будаўнічыя механізмы. Першы вежавы кран на будаўніцтве ў сталіцы БССР быў выкарыстаны толькі ў…1940 годзе. Усё рабілі рукамі рабочых. Урадавы будынак здалі ў эксплуатацыю ў лістападзе 1933 года.
Вось, што пра гэта пісала адна з газет савецкай Беларусі за 11 лістапада 1933 года: “Адбылося адкрыццё Дома ўрада. Тут, акрамя 600 працоўных пакояў, маецца 16 залаў, з іх тры прызначаныя для з’ездаў Саветаў, пасяджэнняў СНК і ЦВК”. Зразумела, што адкрыццё было прымеркаванае да чарговай гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. Пасля ўрачыстасцяў рабочыя працягвалі выконваць аздабленчыя працы.
Праз некаторы час будынак быў канчаткова гатовы. На цокальным паверсе знаходзіліся памяшканні, прызначаныя для абслугоўваючага персанала; на першым паверсе знаходзіліся вестыбюлі, гардзеробы, а таксама розныя гаспадарчыя памяшканні; на другім паверсе была зала пасяджэнняў ды працоўныя кабінеты кіраўніцтва БССР. Вышэй знаходзіліся кабінеты розных наркаматаў і аддзелаў. Унутры будынка, па баках лесвіцы, якая вяла ў Савет народных камісараў, былі ўсталяваныя бюсты і помнікі класікаў марксізма-ленінізма, а ў зале пасяджэнняў вялікі барэльеф Сталіна, выкананы А. Бембелям.

Вайсковы парад у Мінску каля дома ўрада. Сярэдзіна 1930-х
Вось як у адной з газет апісваліся ўражанні госця Мінска ад ўбачанага ім у 1934 годзе Дома ўраду:
“На вакзальнай плошчы ў трамвай сеў чалавек. Ён агледзеў вагон, потым пачаў глядзець на вуліцу. Кожны раз ён усё больш уважліва ўзіраўся ў яе, паварочваючыся то ў адно, то ў другое акно.
— А што гэта за будынак? Выглядае, як Харкаўскі дом прамысловасці.
— Дом ураду, — горда адказала дзяўчынка.
Чалавек з вялікай цікавасцю пачаў аглядаць будынак. Паплыла шырокая асфальтавая плошча Леніна. Вакол яе падымаліся лёгкія сцены, з выступамі, балконамі, з аднолькавымі вокнамі. На вышыні паверхаў будынка выпукла вымалёўваўся герб рэспублікі. Сярод плошчы ўзвышаўся бронзавы Ленін, ён з трыбуны выступаў перад чырвонаармейцамі, якія адпраўляліся на белапольскі фронт. Ля ног яго стаялі жывыя кветкі. Пабліскваў чорны граніт пастамента. Трамвай імчаўся...”
Сапраўды, перад галоўным адміністратыўным будынкам БССР быў пастаўлены помнік “правадыру сусветнай рэвалюцыі”. Яго аўтарам быў скульптар Матвей Манізер. Прапанаваныя на конкурс выявы помніка Леніну выстаўляліся на суд грамадскасці ў мінскай Зале рэспубліканскага дома грамадскай асветы, якая знаходзілася на рагу вуліц Энгельса і Маркса. І конкурсная камісія, і грамадскасць, прыйшлі да высновы, што лепшым з’яўляецца праект Манізера, на якім Ленін “звяртаецца” да чырвонаармейцаў, якія адпраўляюцца на “бой з панамі”. Дарэчы, тэма “польска-бальшавіцкай вайны” была абраная не выпадкова. Паводле Рыжскай мірнай дамовы, падпісанай у сакавіку 1921 года паміж савецкай Расіяй і Другой Рэччу Паспалітай, Заходняя Беларусь засталася за палякамі. Савецка-польская мяжа знаходзілася ў 30-40 км ад сталіцы савецкай Беларусі. На працягу ўсяго міжваеннага дваццацігоддзя Крэмль разглядаў менавіта Польшчу, як найбольш верагоднага праціўніка ў будучай вайне. А БССР была заходнім фарпостам “краіны Саветаў” на мяжы з варожым “капіталістычным светам”. Варта дадаць, што першапачаткова Лангбард планаваў устанавіць помнік ў цэнтры плошчы, аднак пазней ад гэтай ідэі адмовіліся. Пастамент, на якім стаяў Ільіч, быў зроблены з чорнага лабрадарыта. Да яго былі прымацаваныя чатыры барэльефы.

Нямецкі жаўнер пазіруе каля зрынутага помніка Леніну ў Мінску
Будынак Дома ўраду ў Мінску ўразіў жаўнераў вермахта, якія ўвашлі ў Мінск на шосты дзень пасля нападу Германіі на СССР. Дзякуючы таму, што амаль у кожнага немца быў фотаапарат сёння мы можам бачыць тое, як у чэрвені 1941 года выглядалі вуліцы тагачаснага Мінска і адзін з галоўных твораў Лангбарда. Варта адзначыць, што хутка пасля акупацыі горада немцы зрынулі помнік Леніну, які стаяў перад Домам ўрада і вывезлі яго ў Германію на пераплаўку. А вось з гербам БССР, прымацаваным на фасадзе будынка, давялося пакорпацца. Дэмантаваць яго не змаглі, таму спачатку гэты сімвал завесілі сцягам “СС”, а пазней зачынілі шыльдай з выявай свастыкі. Кадры кінахронікі, на якой савецкія жаўнеры збіваюць гэты сімвал акупацыі можна ўбачыць ў шматлікіх мастацкіх і дакументальных фільмах пра Другую сусветную вайну. Дарэчы, пры адступленні ў 1944 годзе нацысты збіраліся ўзарваць мінскі Дом ураду. Гэтаму перашкодзіў маланкавы наступ савецкага войска і хуткае вызваленне горада ад нацыстаў. Аднак савецкім сапёрам давялося доўга размініраваць нашпігаваны авіяцыйнымі бомбамі галоўны адміністратыўны будынак БССР.

Дом урада, 1942 год
Працяг будаўніцтва ў Мінску
Пасля пераезду ўрадавых устаноў БССР у новы будынак Дома ўраду былы архіерэйскі асабняк быў перададзены ў распараджэнне камандавання Беларускай вайсковай акругі РСЧА. У 1934 годзе было прынята рашэнне будаваць на гэтым месцы Дом Чырвонай Арміі. Першапачаткова за рэалізацыю праекта ўзяліся архітэктары А. Крылоў і Н. Макляцова, аднак іх прапанова выклікала буру крытыкі і “адказныя таварышы” вырашылі перадаць справу ў рукі Іосіфа Рыгоравіча. Пры гэтым архітэктару паставілі ўмову: узводзіць новы будынак з выкарыстаннем часткі старых сцен архіерэйскага падворку.
