Бурчыць тамбурынам
счарнелае неба --
ідзе навальніца.
Хвіліна -- і грымне!..
Дай, Божа, бо -- трэба
напіцца й пазбыцца
спякоты бясконцай,
і зданяў падманных,
і смагі адвечнай...
А потым хай сонца
прысядзе на ганак
і скажа аб нечым.
У зялёным полымі траўня
Дагараюць зімовыя рэшткі,
Недзе белае знікла бяспраўе
І душа ажывае нарэшце,
І ў вачах залацяцца зоркі -
Нібы злодзей, я скраў іх з неба.
Будзе добра, не будзе горка,
Не памрэ да жыцця патрэба.
Падоўжым той дзень
да купальскай спакусы.
Абдурым гадзіннік.
Пакрыўдзіцца сон.
І некалькі жмень асалоды -
на вусны,
і папараць-кветцы -
апошні паклон...
Так бывае, браток:
Скрыжаванне, выток,
Свету першы глыток
І - палёт праз гады...
Што з табой - назаўжды,
Што не трэба - далоў.
Да асноў, каранёў -
Дакрананне ізноў...
І няхай далячынь
Для цябе - як палын,
А ў Масковіі той,
Ой, шурпаты сувой, -
Не бядуй, мой браток,
Бо радзінны куток
Пазірае ў твой бок -
Ты ж ягоны сынок...
Ды і мы побач, тут, -
Ад пакут
І атрут
Калі што, захінём.
Крануўся маёй рукі
Загадкавы той блакіт...
Ён сцішана п'е з ракі
І зоркі трасе з ракіт;
Ён можа казаць, але
Маўкліва глядзіць услед -
Калі я іду далей
У новы, чароўны свет.
Уляцела птушкай: "Трэба!",
Адпаўзло смаўжом: "Навошта?" -
І кладзецца зерне ў глебу,
І лістоў чакае пошта,
І не так ужо далёка
Да вытокаў,
Да аблокаў...