Сёння Беларусь адзначае 140 год з дня нараджэння народнага паэта Якуба Коласа — чалавека вялікай і шчодрай душы.

Сёння ва ўсіх кутках нашай краіны гучаць вершы народнага паэта.
О, край родны, край прыгожы!
Мілы кут маіх дзядоў!
Што мілей у свеце божым
Гэтых светлых берагоў,
Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,
Дзе бары-лясы гудуць,
Дзе мядамі пахнуць грэчкі,
Нівы гутаркі вядуць;
Гэтых гмахаў безгранічных
Балатоў тваіх, азёр,
Дзе пад гоман хваль крынічных
Думкі думае прастор;
Дзе увосень плачуць лозы,
Дзе вясной лугі цвітуць,
Дзе шляхом старым бярозы
Адзначаюць гожа пуць?
Урывак з паэмы «Сымон-музыка»

І. Давідовіч. Якуб Колас на возеры. 1959
Мой родны кут, як ты мне мілы!..
Забыць цябе не маю сілы!
Не раз, утомлены дарогай,
Жыццём вясны мае убогай,
К табе я ў думках залятаю
І там душою спачываю.
О, як бы я хацеў спачатку
Дарогу жыцця па парадку
Прайсці яшчэ раз, азірнуцца,
Сабраць з дарог каменні тыя,
Што губяць сілы маладыя, –
К вясне б маёй хацеў вярнуцца.
Вясна, вясна! Не для мяне ты!
Не я, табою абагрэты,
Прыход твой радасны спаткаю, –
Цябе навек, вясна, хаваю.
Назад не прыйдзе хваля тая,
Што з быстрай рэчкай уплывае.
Не раз яна, зрабіўшысь парам,
На крыллях сонца дойдзе к хмарам
Ды йзноў дажджом на рэчку сыдзе –
Ніхто з граніц сваіх не выйдзе,
З законаў, жыццем напісаных,
Або на дол спадзе ў туманах.
Але хто нам яе пакажа?
На дол вадой ці снегам ляжа?
Не вернешся, як хваля тая,
Ка мне, вясна ты маладая!..
Вось як цяпер, перада мною
Ўстае куточак той прыгожа,
Крынічкі вузенькая ложа
І елка ў пары з хваіною,
Абняўшысь цесна над вадою,
Як маладыя ў час кахання,
Ў апошні вечар расставання.
І бачу лес я каля хаты,
Дзе колісь весела дзяўчаты
Спявалі песні дружным хорам,
З работ ідучы позна борам.
Нясліся зыкі песень здольных,
Ў лясах раз-пораз адбівалісь,
І ім узгоркі адклікалісь,
І радасць біла ў песнях вольных.
А хвоі, елкі векавыя
Пад зыкі песень маладыя
Маўчком стаялі ў нейкай думе,
І ў іх ціхусенечкім шуме
Няслось вячэрняе маленне
Ўгару, святое аддаленне.
Урывак з паэмы «Новая зямля»
З дзяцінства памятаю урывак з паэмы Коласа «Новая зямля»
«Ранiца ў нядзельку».

Дзень быў святы. Яшчэ ад рання
Блінцы пякліся на сняданне,
І ўжо пры печы з чапялою
Стаяла маці... Пад рукою
Таўкліся дзеці, заміналі
Або смяяліся, спявалі.
Услон заняў сваё ўжо места,
На ім стаяла дзежка цеста,
І апалонік то і дзела
Па дзежцы боўтаў жвава, смела
І кідаў цеста ў скавародкі.
Давала піск яно кароткі,
Льючыся з шумам на патэльні,
І ў жар стаўлялася пякельны;
І там з яго ўжо ўвачавідкі
Пякліся гладзенькія пліткі
Блінцоў, спаднізу наздраватых,
Угору пышна, пухла ўзнятых,
І ўжо адтуль рукою маткі
На ўслон шпурляліся аладкі,
А дзеці іх даўно сачылі
І на ляту блінцы лавілі,
Заядла мазалі іх здорам.
Стаяў асобна ў місцы скорам
Сяго-таго для верашчакі.
Хоць невялікія прысмакі –
Цыбуля, перчык, ліст бабкоў
Ды сальца некалькі брускоў,
Мука і квас – і ўся прыправа,
Але ўсё ж снеданне цікава;
А для дзяцей найбольша свята
Абы наесціся багата.
