Герб "Пагоня", герб Вялікага княства Літоўскага, дзяржаўны сімвал Рэспублікі Беларусь (19.9.1991 – 14.5.1995) і Літоўскай рэспублікі, адзін з нацыянальных сімвалаў літоўцаў, беларусаў (з пачатку XX стагоддзя).Змест
Назва
Назва гербу "Пагоня" вядомая з канца 13 ст. (1282, паводле Т. Нарбута).
Від
Сярэднявечча
Існавалі пяць варыянтаў сярэднявечнай "Пагоні":
Класічны: у чырвоным полі збройны рыцар на белым кані, дзясніцаю ўздымае голы меч над галавой, на левым плячы шчыт з падвойным залатым крыжам. Конь накрыты трохканцовай гунькаю. На найбольш старажытных каляровых малюнках конская зброя і шчыт рыцара — блакітныя.
Такі самы як класічны, але рыцар уздымае дзіду. Вядомы толькі з тэкставых апісанняў, графічныя выявы гэтага варыянту не знойдзены.
"Голы" (без засцерагальнага ўзбраення) яздок на кані без сядла, уздымае над галавою меч. Вядомы толькі з тэкставых апісанняў, графічныя выявы гэтага варыянту не знойдзены.
Два варыянты "малой пагоні": на шчыце толькі галоўная дэталь герба, збройная рука з голым мячом, колер поля чырвоны або залаты.
Апроч гэтага, была вядома т. зв. "татарская пагоня", на зялёным полі яздок, які адстрэльваецца з лука.
1918-1991
Марка часоў БНР
Герб "Пагоня", які выкарыстоўваўся Радай БНР, Радай Слуцкага паўстання, беларускімі арганізацыямі часоў Другой сусветнай вайны, беларускай эміграцыяй, беларускімі нацыянальнымі арганізацыямі 1980 – 1990-х гг., не меў кананічнага графічнага выразу. Агульнымі традыцыйнымі рысамі варыянтаў былі: чырвонае поле, белы конь рыцара, чырвоны шчыт з белым падвойным крыжам (роўнаканцовым).
1991-2000-я
Від той адмены гербу "Пагоня", якая была прынятая ў якасці дзяржаўнага гербу Рэспублікі Беларусь у 1991, мае наступныя адметнасці:
тарк рыцара белы, з залатым крыжам Ефрасінні (патрыяршым);
старэйшы, чым традыцыйны, выгляд зброі рыцара (шалом);
конь у статычнай (абарончай) позе.
Паходжанне
Наогул, выява конніка гэта адна з найбольш папулярных тэм сімволікі розных народаў з часоў глыбокай старажытнасці. Непасрэдным папярэднікам "Пагоні" быў заходнееўрапейскі іканаграфічны выраз тытулу князь 11 – 13 ст. — выява рыцара ў зброі, з мячом ці прапарцом і з таркам, на кані, які крочыць ці бяжыць галопам. Выкарыстанне сімвалу "Пагоня" як дынастычнага герба князёў літоўскіх на землях старадаўняй Беларусі апісваецца ў летапісах, пачынаючы з 1270 – 1290-х гг. Гл. таксама: Ярыла, Дзімітры Салунскі, Барыс і Глеб, Святы Юры.
ВКЛ
У ВКЛ, герб "Пагоня" быў агульнадзяржаўным гербам (пасля 1385). Лічыцца, што адначасова ён быў і лакальным гербам этнічных беларускіх земляў. Афіцыйна статус "Пагоні" як дзяржаўнага гербу быў замацаваны ў Статутах ВКЛ 1566 і 1588. Тамсама быў замацаваны статус "Пагоні" як герба для (тагачасных) этнаграфічных беларускіх земляў (у розных спалучэннях колераў і рыштунку).
Расійская імперыя
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай, выкарыстанне герба на беларускіх землях не спынілася. Ён змяшчаўся на штандары расійскіх вайсковых частак мясцовай камплектацыі, на зямельныя, губернскія і павятовыя гербы. З іншага боку, гербам карысталіся ў мясцовым вайсковым кантынгенце арміі Напалеона (1812) і паўстанцы ў паўстанні 1863 г. Ад пачатку 20 ст., герб "Пагоня" і бел-чырвона-белы сцяг выкарыстоўваліся беларускім нацыянальным рухам.
1918-1939
Пасля ўтварэння БНР, яе гербам, спачатку не замацаваным заканадаўча, стаўся герб "Пагоня". Герб ужываўся ў сімволіцы паўстанцаў у Слуцкім паўстанні (1920). У той самы час, "Пагоня" сталася дзяржаўным гербам Літоўскай рэспублікі. Цікава, што ў 1920 – 1930-я гг. шмат якія дзяржаўныя дзеячы Літоўскай рэспублікі ўказвалі на неадпаведнасць гэтага гербу менавіта літоўскай гістарычнай традыцыі. У 1935 г. прэм'ер-міністр Літоўскай рэспублікі Тубаліс афіцыйна прызнаў не-літоўскае паходжанне "Пагоні", паведаміў пра тое, што ідзе праца па стварэнні новага дзяржаўнага гербу. Відавочна, гэтая праца была спынена падзеямі 1939 – 1940 гг.
1941 – 1944
У час нямецкай акупацыі (1941 – 1944) беларускія нацыянальныя колы, якія супрацоўнічалі з немцамі, карысталіся бел-чырвона-белым сцягам і гербам "Пагоня" неафіцыйна, і беспаспяхова дамагаліся ад нямецкіх уладаў афіцыйнага прызнання нацыянальнай сімволікі. Але гэта не было зроблена да апошніх дзён нямецкай акупацыі, як сведчыць распараджэнне Рэйхсміністра па акупаваных усходніх тэрыторыях (14.6.1944). Шырока вядомае распараджэнне, быццам падпісанае гауляйтэрам Беларусі В. Кубэ, і надрукаванае ў газеце "Раніца" (27.6.1942), пра дазвол карыстацца бел-чырвона-белым сцягам і гербам "Пагоня" побач з германскай сімволікай "пры святкаваннях або для абазначэння беларускай нацыянальнасці", аказалася, па выніках пазнейшых даследванняў, тагачаснай дэзінфармацыяй, вінаватых у якой нямецкія акупацыйныя ўлады так і не знайшлі.
1950-1980-я
Бел-чырвона-белым сцягам і гербам "Пагоня" карысталася беларуская эміграцыя.
1980-2000-я
У 1980-я, пасля пачатку дэмакратызацыі ў СССР, герб "Пагоня" як нацыянальны быў ізноў уведзены ў ужытак БНФ. Нарэшце, герб "Пагоня" быў зацверджаны як дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь (19.9.1991). Пасля рэферэндуму (14.5.1995) выкарыстанне гербу "Пагоня" як дзяржаўнага было спынена. У Беларусі гэтым гербам, як нацыянальным, працягваюць карыстацца некаторыя апазіцыйныя беларускія арганізацыі.
Настроение сейчас - ДобраеВ колонках играет - NRM