Лёс арыстакраткі. |
Прапануем Вашай увазе невядомыя факты з гісторыі аднаго з польска-беларускіх шляхецкіх родаў.
Данута Ганна Лопат нарадзілася ў 1919 годзе у Нясвіжы. Бацькі яе – дробны шляхціц Стэфан Лопат і баранэса Марыя фон Фелькерзам пазнаёміліся зусім як героі рамантычных гісторый. У гады Першай сусветнай вайны Стэфан, які атрымаў медыцынскую адукацыю, быў мабілізаваны доктарам у расійскую царскую армію. На вайне ён сустрэў сваё каханне. У палявым шпіталі, куды ён быў накіраваны, працавала міласэрнай сястрой Марыя, дачка расійскага адмірала фон Фелькерзама. Дапамагаць параненым і хворым салдатам лічылася годным заняткам для дзяўчын з арыстакратычных дамоў.
Натуральна, маладыя людзі закахаліся адзін у аднаго і вырашалі пажаніцца. Але, як у сапраўднай рамантычнай гісторыі, бацькі былі супраць шлюбу. Справа была ў тым, што для фон Фелькерзамаў, уваходзіўшых у вышэйшы свет Пецярбурга, шлюб іх дачкі з амаль невядомым вайсковым доктарам лічыўся мезальянсам.

Марыя фон Фелькерзам
Аднак лёс распарадзіўся па-свойму. Неўзабаве ў Расіі выбухнула рэвалюцыя. Фелькерзамы вымушаны былі ўцякаць з Санкт-Пецярбурга да сваякоў у Германію. А Стэфан і Марыя сталі мужам і жонкай і пераехалі жыць у Брэст, які ў той час адышоў у склад Польшчы. Стэфан атрымаў ад бацькоў грошы і адкрыў там уласную клініку.
У іх нарадзіліся тры дачкі. Данута была другім дзіцём Стэфана і Марыі. У 1918 годзе нарадзілася дачка Ірына, а ў 1921-м – Ала. У 1924 годзе сям’ю напаткала вялікае няшчасце: у маленькай Алы выявілі страшнае захворванне — запаленне галаўнога мозгу. Дзяўчынку не змаглі выратаваць, і яна літаральна згарэла з-за хваробы, пражыўшы ўсяго тры гады.
Сёстры Ірына і Данута былі выхаваны ў розных традыцыях. Ірына была любімай дачкой Марыі, у жылах якой цякла нямецкая кроў, і таму выхоўвалася ў нямецкім стылі. Данута была прывязана да бацькі і выхавана Стэфанам і яго сваякамі ў польскіх традыцыях. Маці даволі холадна адносілася да малодшай дачкі. Стэфана Лопата вельмі непакоіла абыякавасць жонкі да Дануты, і, у рэшце рэшт, ён вырашыў аддаць яе ў школу пры манастыры сясцёр назарэтанак у Варшаве, дзе Данута правяла адзінаццаць гадоў свайго жыцця.
У красавіку 1931 года сям’ю Лопатаў спаткала новая трагедыя: Стэфан Лопат, які ўсё жыццё прысвяціў лячэнню хворых, памёр з-за памылкі лекараў. Прычынай смерці сталі ўскладненні пасля няўдала зробленай аперацыі. Пахавалі Стэфана на старых каталіцкіх могілках у вёсцы Дарава (Ляхавіцкі раён), недалёка ад маёнтка, дзе ён нарадзіўся. Яго смерць стала сапраўднай сямейнай трагедыяй і шокам для супрацоўнікаў яго клінікі.

Стэфан Лопат
Данута скончыла школу незадоўга перад выбухам Другой Сусветнай вайны. Дзяўчына вырашыла стаць медсястрой. Першым месцам яе працы быў шпіталь у Харошчы. 1-га верасня 1939 года Германія напала на Польшчу, а праз сямнаццаць дзён на терыторыю Заходняй Беларусі і Украіны ўвайшлі часткі Чырвонай Арміі. Вайна перавярнула жыццё Дануты. Яна вырашыла збегчы ў Румынію, але ў дваццаці кіламетрах ад мяжы была затрымана супрацоўнікамі НКУС. Некалькі месяцаў яна правяла ў турме ў Вінніцы, а ў чэрвені 1940 г. за спробу перасячэння мяжы была асуджана на пяць гадоў працоўных лагераў і адпраўлена ў Сібір.
Пазней яна ўспамінала аб судовым працэсе: "У канцы чэрвеня я была ўначы выклікана ў залу суда. Зала знаходзіўся ў будынку турмы, дзесьці ў падвале, недалёка ад карцэра. Я мела "шчасце" не раз наведаць карцэр і нават некалькі разоў была "жыхаркай" гэтага цудоўнага памяшкання памерам метр на паўтара. У зале стаяў вялікі стол і некалькі крэслаў, знаходзілася там каля дваццаці мужчын у мундзірах.
Старшынёй суду быў начальнік турмы. Маленькі, руды, непрыгожы чалавек. У суправаджэнні двух супрацоўнікаў НКУС я прадстала перад судом. Ветлівыя спадары сядзелі за сталом, а я разам з канваірамі стаяла. Зачыталі мне прысуд на падставе артыкула 254. Жаданне перайсці мяжу, хоць да мяжы было не менш дваццаці кіламетраў і некалькі гор.

Данута Лопат
Атрымала 5 гадоў сібірскіх лагераў. Расхваляваўшыся, я засмяялася. Высокі суд глядзіць са здзіўленнем на маю дзёрзкасць. Старшыня сказаў, што я магу напісаць Сталіну ліст з просьбай аб скарачэнні тэрміна. Я ужо ведала эфекты падобных лістоў пасля шматмесячнага знаходжання ў Вінніцы і зноў засмяялася. Мусіць, гэта было мяжой нервовай узрушанасці! Мяне спыталі: "Чаму вы смяецеся?" Адказала, што не моцна засмучаная гэтым срокам, таму што не адседжу яго да канца. Здзіўленне суду было яшчэ большым. Старшыня спытаў, чаму я так мяркую. Я адказала: "Таму, што неўзабаве Германія абвесціць вайну СССР". У зале запанавала цішыня. Потым мяне адправілі ў карцэр. Гэта быў апошні карцэр у Вінніцы. Нас ужо рыхтавалі да адпраўкі ў Сібір".
Як вядома, пасля нападу Германіі на Савецкі Саюз быў заключаны савецка-польскі дагавор. Пазнаўшы аб фармаванні польскіх узброеных сіл у СССР, Данута Лопат разам з двума сяброўкамі, не маючы ежы і грошай, прайшла некалькі дзясяткаў кіламетраў, каб дасягнуць базы Войска Польскага ў Бузулуку. Там яна адразу атрымала працу ў палявым шпіталі: стала прыбывалі новыя групы былых зняволеных, змучаных, пакутаваўшых ад хвароб.

Данута Лопат зазам з мужам Станіславам Касіна
Данута Лопат прайшла з войскам генерала Андерса ўвесь яго баявы шлях. У 1943 годзе у Тэгеране яна выйшла замуж за хірурга Станіслава Касіну, таксама былога ваеннапалоннага. У наступным годзе ў выніку няшчаснага выпадку Данута, якая ужо была цяжарнай, страціла дзіцяці.

Данута Лопат падчас здымкаў аднаго з фільмаў
Пасля заканчэння Другой сусветнай вайны жанчына з мужам уехалі ў Вялікабрытанію. Многія салдаты з арміі Андэрса не жадалі тады вяртацца на радзіму, баючыся палітычных рэпрэсій. Аднак Данута вельмі жадала дадому і настаяла на вяртанні ў Польшчу У пасляваенны час Данута Лопат-Касіна працавала медсястрой у варшаўскім шпіталі, выкладала ў школе для медсясцёр. З 1960 годзе яна пачатку працу на фабрыцы медыцынскіх фільмаў: пісала сцэнары, займалася рэжысурай. Акрамя таго, яе аўтарству належыць два падручніка для медсясцёр. Памерла Данута Лопат у 2000 годзе, пахавана ў Варшаве.
| Рубрики: | это интересно |
| Комментировать | « Пред. запись — К дневнику — След. запись » | Страницы: [1] [Новые] |