Аляксандр (каля 35 гадоў)
Адной рукой падпёрла галаву, дзьвюма пальцамі другой набіраю спецыфікацыю... выгляд абсалютнай абыякавасці да ўсяго...
- Сумуеш?
- Не, працую.
- Табе тут самотна?
- Не, не самотна
- Стамілася?
- Не
- Не сумуй, праз тры гадзіны ўжо канец працоўнага дня
- Але заўтра з раніцы ён пачнецца ізноў...
- Але заўтра пятніца, а за ёй выходныя!
- Эх...
- А ведаеш, хутка будзе ў Заслаўлі фэст. У верасні. Кажуць, файны.
- Сапраўды?
- Так. І музыка там будзе файная. Варта з'ездзіць, адным словам.
- Ой, а калі?
- Дакладна ня ведаю, на пачатку верасня.
- Дзякуй за карысную йінфармацыю! Абавязкова буду!
Абмяняліся ўсьмешкамі, я ўключыла музыку й пачала заахвочана працаваць. Настрой узняўся. Дзякуй табе, Саша.
А фэст той адмянілі... таму што ў Полацку будзе святкаваньне дня друкара, а на два святы ў нашай дзяржавы няма сродкаў.... Вось так... А пакуль шчэ час ёсць, пачалась пабудова помніка... літары "У"... Чаму менавіта літары, тым больш менавіта "У" ніхто не ведае....
_________________________________
Наташа (19-гадовая дзяўчына. Дачка Алены)
Ведае сабе кошт... Заўсёды ганарлівая, самаўпэўненая.... Моцная....Аднойчы афармляла пашпарт на нейкі аб'ект і забылася пералічыць колькасць карысных рэчываў у йім (дакладней, ня ведала, што для кожнага аб'екту трэба пералічваць нанова й пакінула старыя лічбы). Па злоснай выпадковасьці яе памылку не заўважыла ні яе маці, ні Іван Пятровіч, ні Ўладзімір Анатольевіч... і пашпарт пайшоў далей па інстанцыях. І вось прыбягае да нас раз'юшаны кіраўнік усёй вытворчасці: "Дзе тая дзяўчынка, якая падлічвала колькасць каштоўных рэчываў?"... У КБ цішыня... Шаснаццаць вачэй глядзяць на яго й чакаюць працягу.... (а самой Наташы якраз няма). "Я пытаюся, дзе тая дзяўчына???" Здавалася, ён яе разарве на кавалкі... Здаравенны раз'юшаны мужык роў на ўвесь корпус... Праз некалькі хвілін у нашым пакоі сабралася тэрміновая нарада - што ж цяпер рабіць? пашпарт ужо дасланы заказчыку, а памылка толькі-толькі знайшлася, ды яшчэ такая... падсудная... Усё кіраўніцтва стаяла на вушах... усе раўлі, размахвалі рукамі, вінавацілі адзін аднаго й тыцкалі пальцам у нейкую паперку... А Наташка зашылася ў куце і назірала спужанымі вачыма за усім гэтым... Я ніколі не бачыла яе такой... ні да інцыдэнту, ні пасля... Як мыш... маленькая... спужаная... Слабая....
_____________________________________
Тацьцяна (жанчына сярэдняга ўзросту)
На яе кампе я працавала ў час яе водпуску. Чатыры з паловай тыдні. Урэшце яна з'явілася і я перабралася на йіншую машыну. На наступны дзень пасля яе з'яўленьня чую яе дыялог з Вольгай:
- Уяўляеш, пакуль мяне не было, нехта тут шчэ беларускую раскладку паставіў...
- Угу, уяўляю, і што?
- Як што? я цяпер нармалёва працаваць не магу, я ж звыклася, што ў мяне руская ды ангельская, а зараз як не пераключуся - сё беларуская выскоквае. Жах нейкі! І каму яна магла спатрэбіцца?
- Ну, нейкаму была патрэбна. А ты выдалі яе.
- Якое выдалі?! я не ведаю, якім чытам яе туды ўпіхнулі, а ты кажаш "выдалі"... І каму ў наш час патрэбна беларуская мова?
- Мы жывем у Беларусі...
- Я не жыву... А на гэтым месцы працаваў нейкі вар'ят...
LI 3.8.01