-Поиск по дневнику

Поиск сообщений в Кацярынка_Зах

 -Подписка по e-mail

 

 -Интересы

 -Постоянные читатели

 -Статистика

Статистика LiveInternet.ru: показано количество хитов и посетителей
Создан: 22.01.2016
Записей: 8
Комментариев: 9
Написано: 22




"І пускае хлопчык змея з камянёў твайго палаца" (с) Людміла Рублеўская


Падман

Воскресенье, 14 Февраля 2016 г. 15:53 + в цитатник


У гэтым жыцці ёсць адзін велізарны падман. Менавіта ён перашкаджае нам дзейнічаць, рухацца, развівацца, дасягаць чагосьці (зараз кажу пра здабыткі агулам, у шырокім сэнсе, а не пра выключна матэрыяльныя).



Гэты падман - падабенства дзён.



Я нічога не зраблю сёння, бо заўтра будзе дакладна такі ж дзень, у які я ўсё-ўсё зраблю.  

Я нічога не зраблю сёння, бо заўтра будзе дакладна такі ж дзень, у які я ўсё-ўсё зраблю.

Я нічога не зраблю сёння, бо заўтра будзе дакладна такі ж дзень, у які я ўсё-ўсё зраблю.

Я нічога не...



Будзе шмат субот, нядзель і панядзелкаў. Будзе шмат сёння, заўтра. Але. Ніколі не будзе сённяшнега сёння. Я ніколі не вярнуся ў гэты дзень, ва ўчора. Мне ніколі не будзе 19. Аднойчы мне больш ніколі не будзе 21. Хай сабе 22, 23, 24 будуць падобныя на 21. Хай сабе наступнае імгненне будзе падобным на гэтае, але ГЭТАГА ніколі не будзе. 



Шанец, страчаны сёння, ніколі не вернецца такім, які ён ёсць.



Так і не заўважаеш, як змяняешся.



Калісьці, класе ў 9 - 10 я марыла сустрэцца з сабой "дарослай" - дваццацігадовай. Пачуць ад сябе-дарослай, што ў жыцці будзе далей, што рабіць, чаго не рабіць ні ў якім выпадку. Але. Я ніколі не ўбачу сябе шаснаццацігадовай. Я больш ніколі не буду шаснаццацігадовай. Згубілася нават сувязь мая з той дзяўчынкай. Я не памятаю яе, не ўсведамляю яе сабой. Не магу аднавіць яе думкі, светаўспрыманне, перажыванні, як магла калісьці. 



Яшчэ адна падлянка жыцця вынікае з гэтага: успаміны не працуюць. Яны не вяртаюць цябе ў мінулае. Нават думкамі не вяртаюць. Самыя моцныя эмоцыі забываюцца. Выціраюцца. І каб жа наступнымі эмоцыямі. Дык не. Штодзённасцю, дзе гадзіна падобная на іншую. 

Мяне вельмі пужаюць гэтыя думкі. Бо ўсё гэта - ўпершыню. першы раз - ён жа і апошні. Усё ж, у 16 я так і не сустрэлася з сабой-дарослай. 



Понравилось: 8 пользователям

Я не хачу знікаць

Суббота, 06 Февраля 2016 г. 23:56 + в цитатник

Размаўляем з сябрам пра сэнс жыцця. (Пра што ж яшчэ а поўначы весці перапіскі?).

Я баюся памерці. Таму што ў свеце ад гэтага нічога не зменіцца. Так, ёсць блізкія-родныя-знаёмыя, якія будуць смуткаваць. Але я не пра гэта.

Я пра тое, што глабальна ў свеце нічога не зменіцца. Прашпект, па якім я шпацырую штораніцу, мінакі, якіх я сустракаю, світанак, якім я любуюся - МОЙ свет будзе існаваць, калі не будзе мяне. 

"Усе так жывуць", - сказала мне калега, калі я падзялілася з ёй сваімі страхамі. 

І ад гэтага стала яшчэ больш сумна і страшна. Я адметная для сябе. Я - цэнтр свайго сусвету. Але такіх сусветаў - больш за 7 мільярдаў. І кожны дзень такія сусветы нараджаюцца ці знікаюць. А ў сусвеце, цэнтрам якога былі тыя, хто знік, нічога не змяняецца. Па сутнасці. 

Большасць з нас з неверагоднай надзеяй, упэўненасцю, гонарам думае пра сваіх нашчадкаў. Дзяцей, унукаў, пра, прапра... Але я ўпэўнена, што мае прапра не будуць ведаць, як мяне завуць. І ўжо дакладна ўнукі не будуць уяўляць, які чалавек я ёсць, як я жыла/жыву, пра што думаю, чаго баюся, чаго хачу што люблю. Дай Божа, каб дзеці гэта ўяўлялі. Для іх я буду ўжо не я. Не такая я, як для сябе. Для іх я буду толькі частка сусветў. дай Божа, блізкая да цэнтра, але не галоўная.

Так, я ведаю, што мае жаданні эгаістычныя, што баюся я абсалютна натуральных рэчаў. Але ж.

Я не хачу знікаць

 


Маска флейтыста

Четверг, 28 Января 2016 г. 16:04 + в цитатник

Штосьці мне здаецца, што гэты блог, ледзь нарадзіўшыся, рызыкуе загінуць і стаць яшчэ адным выкапнем на гэтых могілках самалюбавання.

Скончыла ў нядзелю чытаць кнігу Людмілы Рублеўскай “Сэрца мармуровага анёла”, куды ўваходзіць аповесць з такой назвай, аповесць “Пярсцёнак апошняга імператара” і раман “Золата забытых магіл”. Разам з кнігай скончылася і маё паэтычнае натхненне. А я ўжо ўзрадавалася: вось яно, тое забытае адчуванне, калі думкі складаюцца ў рыфму і рытм, калі ўсё прыходзіць само і потым, калі адыходзішся ад гэтага, здзіўляешся: адкуль?!

Значыць, і вершы не мае. Яны належаць кнізе і аўтару, натхненне якога выходзіць за межы яго твора, распаўсюджваецца, выплюхваецца на чытача, як з перапоўненага жбанка. Гэта файна, але мне як недапаэту крыху крыўдна.

Зараз спрабую знайсці тое натненне ў іншых кнігах, вершах, музыцы, але чамусьці пакуль не атрымліваецца. У стане творчай пустаты такім дзіўным здаецца тое, што калісьці ў цябе атрымлівалася пісаць штосьці, проста адкрыўшы вордаўскі файл. І былі словы, ідэі, думкі, якія плылі праз цябе нібы аднекуль, і нават не верыцца, што крыніца іх – ты сам.

Хочацца аднойчы проста сесці і пачаць ствараць. Не сумнявацца, ці варта, ці не пустое, ці знойдзе водгук у кагосьці. Проста ведаць, што ты робіш. Ведаць, што тое, што ты робіш, - правільна.  Альбо кінуць любыя спробы і памкненні брацца за гэта.

Учора пабачыла сярэднявечную металічную катавальную маску для тых, хто неаднаразова дрэнна граў на флейце. Ад маскі ішла тонкая трубка, да якой адмысловымі замкамі прымацоўваліся пальцы, якія з цягам часу ламаліся, каб чалавек больш ніколі не мог граць. Ні дрэнна, ні добра. 


ХРАСЬ! Частка 3

Воскресенье, 24 Января 2016 г. 00:30 + в цитатник

Перамелецца, кажуць, 
і будзе назаўтра мукой.
Не хачу быць мукой! 
Я хачу быць каменнем на жорнах!

Абяцаюць з узростам спакой - 
мне не трэба спакой!
У спакоі душа вільгатнее, 
гніе, быццам порах.

Порах - ён для таго, каб цудзіць, 
выбухаць і здзіўляць.
Зразумела, што лепш феерверкам, 
але хто ж прадкажа?

Перамелемся, будзем мукой.
А здабыты спакой
Вуркатліваю коткай 
на грудзі старэчыя ляжа. 


ХРАСЬ! Частка 2

Воскресенье, 24 Января 2016 г. 00:28 + в цитатник

З лаўца над ложкам спрэс лунаюць мроі,
Што неахайна трапілі ў палон
На павуцінку, што над галавою
У колцы беражэ няўлоўны сон.
Мне мроіцца рака, што хуткай плынню
Змывае вехі, дзеі, гарады
Імёны і пачуцці – ўсё абрыне. 
Усё, што меркавалі назаўжды.
Мне мроіцца, што я стаю ў вадзіцы – 
Яна мне прахалодзіць скуру ног,
Пяшчотная, што нельга наталіцца – 
І назіраю змену тых эпох.


K. Z. 23/ 01/ 16

lovec-snov3 (527x427, 67Kb)


ХРАСЬ!

Воскресенье, 24 Января 2016 г. 00:24 + в цитатник

Менавіта так характарызуецца сёння маё вершастваральнае натхненне. 

А я ўжо думала, што варта ставіць крыж на сваіх паэтычных патугах. Ды што там, і паставіла. Адмовілася чытаць вершы на імпрэзах, адраклася ад іх увогуле, на слова "паэт" рэагавала, нібы на мяне вылаяліся. Ці то занадта шчаслівая для вершаў, ці то вырасла з іх, ці то наадварот - паменшылася, высахла, недацягваю. Цяпер выключна проза (як у літаратуры, так і ў жыцці). 

Аж не.

Ёсць пісьменнікі, проза якіх грувасткая, якія са слоў складаюць муры, дзе нібыта можна жыць, але нельга дыхаць.

І ёсць пісьменнікі, якія ўдыхаюць прозу, а выдыхаюць вершы. Іх проза - гэта проза пачуццяў, эмоцый, таямніц, гісторый. Лёгкая, блізкая, таму што - пра цябе. Таму што пра тваю душу. Таму што - не словы - пачуцці складаюцца ў рыфму і рытм. 

Такі пісьменнік - Людміла Іванаўна Рублеўская. 

Апошнім часам рэдка якая з кніг захапляе так, каб хацелася хутчэй раніцай зайсці ў метро, каб сесці і яе чытаць. Рэдка з-за якой хочацца прачынацца раней у выходны, каб хутчэй даведацца, што там і як. За апошнія паўгода такія кнігі трапляліся мне толькі за аўтарствам Людмілы Іванаўны. 

Яшчэ адзін паказчык развіцця мовы - гэта калі на ёй існуюць кнігі ў мяккай вокладцы (гэта ніяк не адсылае да якасці, а толькі да зручнасці чытання).

Кнігі Людмілы Іванаўны павінны быць паўсюль, ва ўсіх! Таму што яны ачышчаюць душу і думкі ад смецця, размяшчаюць па палічках усё, у чым ты ўжо год блытаешся ва ўласным сэрцы і розуме. 

А цяжкія, грувасткія кнігі-цагліны, у якіх няма чым дыхаць, пакіньце на запыленых палічках. Да лепшага часу. 

З. Ы, сам "ХРАСЬ" будзе далей


Скрыжавалі пальчыкі! =)

Пятница, 22 Января 2016 г. 22:23 + в цитатник

Пад гукі Еўрафэста ствараю першы ў новым дзённіку запіс =) Вельмі-вельмі хачу, каб беларускамоўныя NAVI перамаглі ў адборы! Халера з ім, з самім Еўрабачаннем, перамогуць там, ці не, але хочацца, каб сваё слухалі, зацэньвалі, крытыкавалі ці ўхвалялі. І галоўнае - каб было што і крытыкаваць, і ўхваляць! Вышэйшая ступень развіцця мовы - гэта наяўнасць папсы і лаянкі (гэта не пра NAVI, канешне).

Думкі не канцэнтруюцца ў чаканні №6, бягу глядзець!
 


Дневник Кацярынка_Зах

Пятница, 22 Января 2016 г. 22:07 + в цитатник
Недажурналіст, недапісьменнік, рэдактар падлеткавага беларускамоўнага часопіса "БЯрозка".


Поиск сообщений в Кацярынка_Зах
Страницы: [1] Календарь