Джэці (Вера Бурлак)
Пан грае на барабане, бо Сырынга* засталася
Сырынгай і не захацела сьпяваць
Тое, што я граю на барабане,
Яшчэ не нагода пісаць гукаперайманьні.
(Там-та-да-да-да-да-да-даммм!)
Таму што мой барабан незвычайны.
Таму што мой барарарабабабан
гучыць ня так, як звычайны,
Ня можа ён гучаць, як звычайны,
Калі ўлічыць, з чаго яго зрабіў Паннн.
Не, ён яе не забіў.
Яна проста не захацела сьпяваць у опэры.
Для гэтага ў яе проста не было здольнасьцяў.
Яна не захацела пайсьці ў рэпэры.
Яна сказала: я лепш памру –
і памерла.
А Пан плакаў.
А Пан хадзіў пануры.
А Пан зрабіў барабан зь ейнае скуры.
І ў яе зьявіліся здольнасьці
Сьпяваць, як дождж па вясновым лёдзе,
Як нябесная птушка,
Як сонца на ўсходзе
(Яно сьпявае, калі прыслухацца).
Ня ведаю нават, з чым параўнаць гэты барабан.
Маўчэце, опэрныя сьпявячкісьпявавачкі.
Вы побач зь ім – прачкі.
Маўчэце, нябесныя хоры,
Гнілыя вам у рот мандрагоры.
Маўчэце, аркестры,
Выгнаныя з кансэрваторыі
ў мінулым сэмэстры.
Слухайце, як сьпявае
Сырынга
Сырынга
Сырынга
(А я нават не дакранаюся да яе пальцамі).
Слухайце, як сьпявае
Сырынга
Сырынга
Сырынга,
Калі на ёй грае Пан.
Слухайце, як сьпявае
Сырынга
Сырынга
Сырынга,
Гэта я вам кажу, сама
Сырынга.
Слухайце, як сьпявае
Сырынга
Сырынга
Сырынга,
Найлепшы ў сьвеце
Барабан.
*Сиринга — нимфа (или наяда), любви которой домогался Пан. Преследуемая им, С. бросилась в воды реки Ладон и превратилась в тростник, из которого Пан вырезал первую пастушескую свирель (сиринкс).