-Поиск по дневнику

Поиск сообщений в OlgaMaya

 -Подписка по e-mail

 

 -Статистика

Статистика LiveInternet.ru: показано количество хитов и посетителей
Создан: 21.01.2013
Записей:
Комментариев:
Написано: 9

Неверагодна цудоўныя вершы Уладзіміра Караткевіча пра каханне

Дневник

Четверг, 24 Января 2013 г. 23:59 + в цитатник
караткевич (184x142, 3Kb)
О каханне маё бясконцае,
Не ўцякай ад мяне, пашкадуй!
За табой, як за светлым сонцам,
Па штодзённай дрыгве іду.

Чарада нада мной жураўліная,
Пада мною – балот віры,
Журавінамі, журавінамі
Кроў мая на куп’і гарыць.

На шляху толькі чорная лотаць,
А за мной, ад маёй крыві,
Утрапёна квітнеюць балоты
Смолкай песень, пярэснай любві.

Кроў сплывае. Няма спакою.
І калі ўпаду нежывы,
Красаванне кветак жывое
Застанецца на месцы дрыгвы.

***

Крокі ўначы

Цёплы дзень дагарэў. Скача полымя з гулам,
Саснячок над ракою ў зялёнай імгле...
За дзень сонцам з вадою ўвесь твар абцягнула,
Ногі ў голках сасновых. Далоні ў смале.
Ўвесь дняпро ў кругах: ходзіць рыба шалёна.
На слупах фарватэрных – скупа – агні.
Побач з намі – чырвоны, наводдаль – зялёны,
Наш адзін, а ў таго у прадонні – двайнік.
Раптам – водар халодны свежага сена.
Раптам плеск. Гэта стог, вялізны, да хмар,
На чаўне, што не большы ніяк за палена,
Быццам прывід, плыве на зялёны ліхтар.
Над ракою дымок. Ціха полымя шастае,
Ты і я ў будане на сене ляжым.
Калі ёсць на зямлі дзве унцыі шчасця, -
Ўсё яно, без астачы, у сэрцы маім.
Што шукаў ты ў чужой зямлі, чалавеча?
І нашто імкнуўся сябе ашукаць,
Калі вось пад рукой тваёй цёплыя плечы,
Вось віно і вогнішча, ноч і рака.
І кахаю, як быццам стакрот паміраю,
Поўны кожнай пражытай сваёй вясной.
О ўтрапёны агонь, як ты хутка згараеш,
І якая кароткая летняя ноч!
У вялікім спакоі зямлі шырокай,
Да якога праз хвалі мы праплылі,
Раптам крокі, мерныя, гучныя крокі
Проста ў вуха, прыціснутае да зямлі.
Нехта бераг трасе цяжкімі нагамі,
Нехта ноч разрывае, бы глупства чаўпе.
Не палохайся. Гэта не зубр і не мамант,
Гэта бакеншчык гасіць ліхтар на слупе.
Цішыня. Над вадою туманныя вежы.
Дай мне гэту зямлю з табою абняць.
Ты – празрыстасць, ты ўся – нерухомая свежасць,
Ўся – глыбінная, аж да канца, цеплыня.
Ты не чуеш, як падаюць росы патокам,
Як гарлачыкам трызніцца новы дзень,
Як нячутнымі, як салаўінымі крокамі
Над вялікай ракою каханне ідзе.

***

Нават сцюжным зімовым вечарам
Або ўвосень, як зліва лье,
Як цябе я на вуліцы стрэчу –
Падгінаюцца ногі мае.

Што казаць пра майскае ранне,
Калі ў росах салоўка б’е?
Што скажу я табе, каханы?..
Падгінаюцца ногі мае.

Што скажу са сваёй гаротай?
Хаты побач, а...
кроч не кроч,
Будзе тое ж:
салоўка, журбота,
Цыгарэты агеньчык ля плота
І маўчанне ў цёплую ноч.

Будзе тое ж:
начныя лукі
Без світання.
Салоўка пяе.
Пакахай жа, вазьмі на рукі –
Падгінаюцца ногі мае.

***

Ў бездарожжа для тых, каму шчаціць,
Дагарае ўначы маё сэрца...

Ты дала мне імгненнае шчасце,
Я табе даў за гэта – бяссмерце.

І калі ты падзякаю, болем
Азарыла мне прорвы сусвету,
Я сказаў:
“Больш, напэўна, ніколі
Мы на свеце не ўбачымся гэтым.

І табе – хай нас людзі рассудзяць –
Я зайздроснай аддзякую доляй:
Ты – ніколі – мяне не забудзеш,
Ты мяне не пабачыш – ніколі.

Ў ноч самоты, і ў цемры магілы
Будзе смага адна тваёй доляй:
Ты забыць мяне будзеш не ў сілах,
І са мною... ніколі.
Ніколі.

***
Стаю ўначы ў завіруху –
Аддаўся наплыву мар.
Ноч уважная слухае,
І вецер гайдае ліхтар.
Што са мною – не знаю.
Сэрца трывогу б’е.
Кахаю?
Здаецца, кахаю.
Напэўна, кахаю яе!
Клянуся зарою вяснянай
І тым, што міне зіма, -
Няма ў мяне іншай каханай,
Іншага друга няма.
Кахаю... у хустцы і ў косах,
Ў завею і летні гром,
Кахаю абутую й босую,
З кнігамі і з сярпом.
З ёй – радасць, адному – гора.
На гэтым цвёрда стаю.
Ноч крочыць,
І чуюць зоры
Клятву маю.
Рубрики:  Поэзия и проза

Метки:  

 Страницы: [1]