-Рубрики

 -Музыка

 -Поиск по дневнику

Поиск сообщений в Ассолька_777

 -Подписка по e-mail

 

 -Статистика

Статистика LiveInternet.ru: показано количество хитов и посетителей
Создан: 18.09.2013
Записей:
Комментариев:
Написано: 4942

Комментарии (0)

Старажытны Тураў знаходзіўся ў Юравічах?

Дневник

Среда, 09 Октября 2013 г. 21:48 + в цитатник

Нават тыя, хто дрэнна вучыўся ў школе, без праблем назавуць першую стаянку старажытнага чалавека на тэрыторыі Беларусі. Тым не менш, ход пазнейшых падзей у мястэчку Юравічы падручнікі ад школьнікаў утойвалі, хоць вёска ў беларускім Палессі заслугоўвае большай увагі. Ні многа ні мала, але тут мог першапачаткова знаходзіцца Тураў — адзін з самых старажытных гарадоў нашай краіны...


Археалагічная загадка

Самы вядомы археалагічны помнік у Беларусі адначасова з'яўляецца і адным з самых загадкавых. І краманьёнцы са сваімі мамантамі тут ні прычым. Пытанні выклікае гарадзішча Х-ХІ стагоддзя, якое знаходзіцца зусім побач з першабытнай стаянкай і па памерах можна параўнацца толькі са старажытным Полацкам! Але вось незадача: ніякіх пісьмовых звестак пра вялікі горад на месцы сучасных Юравічаў няма. Толькі археалагічныя знаходкі даюць падставу лічыць, што тут быў буйны населены пункт са сваім дзядзінцам, пасадам і царквой. Але што гэта за горад і куды ён бясследна знік?

Гарадзішча X-XI стагоддзяСтаршы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі Інстытута гісторыі НАН Алег Іоў з 2004 года праводзіць раскопкі на юравіцкім гарадзішчы. Ён упэўнены, што менавіта тут першапачаткова знаходзіўся горад Тураў! Справа ў тым, што ў сучасным аднайменным пасёлку ў Жыткавіцкім раёне самыя раннія археалагічныя знаходкі адносяцца да ХІІ-ХІІІ стагоддзя, у той час як горад узгадваецца пад 980 годам. У Х стагоддзі, акрамя Турава, іншых населеных пунктаў на поўдні Беларусі ў крыніцах не знойдзеш. Гэтая акалічнасць прымусіла задумацца навукоўца. Здавалася б, і горад княжацкі, і падзеі па летапісных крыніцах разгортваліся нейкія, а фактуры няма! Побач з пасёлкам буйных гарадзішчаў таксама не было выяўлена. А вось Юравічы са сваімі памерамі і знаходкамі выдатна падыходзяць на ролю княжацкага цэнтра.

Аб умацаваным гарадзішчы турыстам сёння нагадваюць валы, якія аддзялялі горад ад сядзібы князя. У цэнтры дзядзінца знаходзіцца калодзеж 30 метраў глыбінёй і 6 метраў у дыяметры. Такія калодзежы капалі, каб браць ваду падчас аблогі. Іншых падобных калодзежаў таго часу ў Беларусі больш не выяўлена.

Дарэчы, знаходкі часткова пацвярджаюць легенду аб заснаванні горада. Згодна з ёй Тураў быў закладзены скандынаўскім князем Турам. Калі да асобы князя, як гістарычнага персанажа, навукоўцы ставяцца з асцярогай, то аб прысутнасці вікінгаў вядома дакладна. На юравіцкім гарадзішчы знойдзены манеты і касцяны псалій (частка коннай збруі) скандынаўскага паходжання. Апошні не мае аналагаў на тэрыторыі Беларусі. Не так даўно недалёк ад вёскі таксама былі знойдзены рэдкія экзэмпляры — наканечнік ножнаў скандынаўскага мяча, а таксама гаршчок з арнаментам, які ўласцівы паўночнаму "заморскаму" народу. Усё гэта гаворыць пра тое, што ў Юравічах аб вікінгах ведалі. А калі улічваць, што рускія князі паходзілі са Скандынавіі, то можна меркаваць, што Тураў, яны ж Юравічы, быў заснаваны пры іх непасрэдным удзеле.

Алег Іоў звяртае ўвагу на тое, што побач з вёскай калісьці працякала рака Тур'я (зараз гэта канал). У той час многія гарады атрымоўвалі назву ад невялікіх рэк, на якіх сяліліся людзі. Полацк — гэта рака Палата, Віцебск — Віцьба, Друцк — Друць, Менск — Менка. Навуковец лічыць, што па такой жа аналогіі быў названы і Тураў. Вось толькі такі падыход выклікае пытанне: чаму тады Тураў, а не Турск ці Турыйск? Усе мы з урокаў гісторыі ведаем, што калі назвы даваліся гарадам ад рэк, то выкарыстоўваўся суфікс —ск-, а калі ад уласнага імя — зусім іншыя. Алег Іоў лічыць, што назва магла змяніцца ў пазнейшы час, у тым ліку і для таго, каб пацвердзіць легенду аб заснаванні Турава.

Перанос назваў горада з аднаго месца на іншае быў распаўсюджаны ў сярэднія вякі. Напрыклад, Смаленск знаходзіўся раней на іншым месцы і меў назву Гнездава. Ноўгарад таксама быў не там, дзе зараз. Ды што казаць, калі Менск першапачаткова размяшчаўся на рацэ Менка, а пасля зруйнавання горада людзі перанеслі назву на новае месца. Але як назва "Тураў" з Юравічаў магла перанесціся на 130 кіламетраў супраць плыні?!

Археолаг Алег Іоў мяркуе, што ўмацаваны цэнтр у Юравічах называўся Туравам, у той час, калі там знаходзіўся на пасадзе Святаполк — той самы, які забіў Барыса і Глеба і аб якім так негатыўна ўзгадваюць летапісцы. Дык вось гэты Святаполк, будучы ў Тураве, паспеў нарабіць столькі, што трапіў у няміласць кіеўскага князя Уладзіміра Хрысціцеля. Ён прывёз у Тураў хрысціянскіх святароў заходняга абраду, ажаніўся з польскай прынцэсай. Толькі б гэтага хапіла для таго, каб пазнейшыя летапісцы (пераважна праваслаўныя манахі) ахрысцілі Святаполка Акаянным. Да таго ж, пасля смерці князя Уладзіміра ў 1015 годзе ён распачаў барацьбу за кіеўскі пасад з яго родным сынам Яраславам Мудрым. Вайну Святаполк у выніку прайграў і вымушаны быў уцякаць. Менавіта з гэтай барацьбой Алег Іоў звязвае знікненне горада ў Юравічах. Людзі вымушаны былі бегчы і заснавалі новае пасяленне на Прыпяці, што цяпер у Жыткавіцкім раёне. Тураў быў пазбаўлены самастойнасці. Незалежнасць горад атрымаў толькі ў сярэдзіне ХІІ стагоддзя ў часы княжання Юрыя Яраславіча, які паклаў пачатак дынастыі турава-пінсках князёў.

Іншыя версіі

Назва "Юравічы" ўпершыню ўзгадваецца пад 1510 годам у літоўскай метрыцы. Дакумент пацвярджаў права на валоданне сялом нашчадкаў Багдана Сербіна, які служыў у вялікага князя Свідрыгайлы (1430-1432). Некаторыя даследчыкі мяркуюць, што назва мястэчка паходзіць ад нейкага Юрыя, які пакінуў тут пасля сябе сваіх родзічаў.

Па мясцовых легендах, з Масквы да Юравічаў дацягнуліся рукі самога заснавальніка "златаглавай" Юрыя Даўгарукага, які вёў барацьбу за княжацкі пасад у Кіеве. Баявыя дзеянні якраз маглі закранаць землі вакол сучаснай вёсцы Мазырскага раёна. Кажуць, што нашчадкі князя і па сёння жывуць у Юравічах.

Акрамя таго, юравічамі маглі называць і родзічаў тураўскага князя Юрыя Яраславіча. Але прамых звестак на гэтую версію ў крыніцах няма. Затое Міжмосце, якое ўзгадваецца ў Іпацьеўскім летапісе, дае некаторым даследчыкам падставу меркаваць, што "загадкавы" горад называўся менавіта так. Падзеі адбываліся ў 1169 годзе. Кіеўскі князь адправіў пасланца ў Ноўгарад з просьбай аб ваеннай дапамозе. Але пасланца затрымалі каля Міжмосця. Ці было гэта паблізу Юравічаў, можна толькі здагадвацца, таму што гэта і аспрэчыць цяжка, і даказаць немагчыма.

У народных легендах ёсць версія і пра знікненне горада на юравіцкіх узгорках. Ва ўсім вінаватыя татары, якія спустошылі яго ў 1240 годзе пасля паходу на Кіеў. Пакуль што археолагі гэтую версію не пацвердзілі, і растлумачыць, чаму людзі пакінулі ўмацаваны горад, гісторыкі яшчэ не могуць. Усё грунтуецца толькі на здагадках. Парадокс: стаянка, якой больш за 26 тысяч год, не выклікае столькі пытанняў, як гарадзішча Х стагоддзя! Будзем спадзявацца, што Юравічы рана ці позна адкрыюць нам свае таямніцы і дадуць глебу для роздуму над загадкамі беларускай гісторыі.

Уладзіслаў Кузьмін.
Звязда, 11 снежня 2010
Рубрики:  Родны край

Метки:  

 Страницы: [1]