-Рубрики

 -Музыка

 -Поиск по дневнику

Поиск сообщений в Ассолька_777

 -Подписка по e-mail

 

 -Сообщества

 -Статистика

Статистика LiveInternet.ru: показано количество хитов и посетителей
Создан: 18.09.2013
Записей: 4779
Комментариев: 102
Написано: 4943

Комментарии (0)

Генадзь Аўласенка. Маленькія чырвоныя чалавечкі

Дневник

Среда, 09 Октября 2013 г. 20:49 + в цитатник

Першай у кабінет увайшла дзяўчынка. Яна спынілася каля дзвярэй, паглядзела на псіхатэрапеўта і моўчкі яму ўсміхнулася. Той таксама ўсміхнуўся ў адказ і хацеў нават штосьці сказаць дзяўчынцы, але ў гэты самы час у кабінет увайшла жанчына, па ўсяму бачна, яе маці. 
— Добры дзень, доктар! — нясмела прамовіла яна і, узяўшы дзяўчынку за руку, падвяла яе да стала, за якім сядзеў псіхатэрапеўт. Той паказаў жанчыне на стул і жанчына паслухмяна на яго апусцілася. Дзяўчынка засталася стаяць побач.
Увесь той час, пакуль псіхатэрапеўт праглядваў гісторыю хваробы і іншыя паперы, якія ляжалі перад ім на стале, і маці, ды і сама дзяўчынка нават не варухнуліся. Маці сядзела, напружана выпрастаўшыся, яе вялікія, заплаканыя вочы з трывогай і, адначасова, з надзеяй сачылі за кожным рухам чалавека ў белым халаце, які сядзеў насупраць. Дзяўчынка ж, наадварот, разглядвала псіхатэрапеўта спакойна і з нейкай нават асаблівай цікаўнасцю.
— Ну што ж... — псіхатэрапеўт адсунуў, нарэшце, усе паперы крыху ўбок і праз акуляры ўважліва паглядзеў на дзяўчынку. — Цябе Дашай завуць?
— Дашай, — дзяўчынка зноў усміхнулася. — А вас?
— А мяне — Сяргей Фёдаравіч! — псіхатэрапеўт памаўчаў крыху: — Не трэба мяне баяцца, Даша.
— А я і не баюся! — дзяўчынка паглядзела на маці, сустрэлася з яе трывожным позіркам і дадала: — Гэта мама чамусьці вас баіцца!
Жанчына раптам гучна ўсхліпнула і, апусціўшы галаву, пачала хуценька выціраць вочы вялікай сіняй насоўкай.
— Так... — псіхатэрапеўт задуменна забарабаніў пальцамі па паліраванай паверхні стала. — Скажы, Даша, і як даўно ты іх бачыш?
— З мінулага года! — адказала за дзяўчынку маці, нервова камячачы насоўку — З таго самага часу, як... 
Яна змоўкла, не дагаварыўшы. 
— З таго часу, як бабулі стала дрэнна! — закончыла фразу дзяўчынка. — Але ты памыляешся, мамачка! Я бачыла іх і раней, толькі ўвесь час неяк здалёк. А ў той дзень я ўпершыню ўбачыла іх у нашай кватэры. Ля бабулінага ложка...
Маці зноў усхліпнула і хацела штосьці, ці то дадаць, ці то проста запярэчыць, але псіхатэрапеўт жэстам яе спыніў.
— І як яны выглядалі? — спытаў ён дзяўчынку. — Яны вялікія?
Дзяўчынка засмяялася.
— Яны зусім маленькія! — сказала яна. — І смешныя. А яшчэ яны вельмі чырвоныя, зусім як... як...
— Як морква? — паспрабаваў падказаць доктар, але дзяўчынка толькі адмоўна затрэсла галавой. — Ці, можа, як суніцы?
— Яны проста чырвоныя і ўсё! — дзяўчынка зноў засмяялася. — І мяккія. Як пластылін. І я з імі размаўляла, а яны сказалі мне, што прыйшлі за бабуляй. Чаму ты плачаш, мамачка?. — дзяўчынка павярнулася да маці і пяшчотна пагладзіла яе па шчацэ. — Яны сказалі мне, што бабулі там будзе добра!
— Прабачце, доктар! 
Жанчына раптам ускочыла са стула і, прыціснуўшы насоўку да вачэй, таропка выбегла з кабінета. Дзяўчынка нейкі час глядзела на прыадчыненыя дзверы, потым села на месца маці і зноў павярнулася да псіхатэрапеўта.
— Мама не верыць, што я іх бачу? — сказала яна, крыху сцішыўшы голас. — Яна думае, што я ўсё гэта толькі прыдумляю. А вы мне верыце? — раптам спытала яна псіхатэрапеўта. — Ці таксама лічыце, што я ўсё хлушу?
— Ну, зразумела ж, я так не лічу! — сказаў псіхатэрапеўт, крыху сумеўшыся пад гэтым ясным і даверлівым дзіцячым позіркам. — Я не лічу, што ты хлусіш, але... ведаеш, часам бывае, што чалавек раптам пачынае бачыць тое, чаго на самай справе няма. Гэта называецца...
— Галюцынацыяй? — перабіла псіхатэрапеўта дзяўчынка. — Мама і аб гэтым мне казала! Толькі яны не галюцынацыя, гэтыя чырвоныя чалавечкі! Яны сапраўдныя...
У гэты час у кабінет вярнулася жанчына. Яна паглядзела на дачку і, не падыходзячы да стала, апусцілася на самы край кушэткі, якая стаяла каля сцяны. Насоўку жанчына па—ранейшаму нервова камечыла ў далонях.
— Ну што ж... — псіхатэрапеўт уздыхнуў і пачаў таропка запаўняць нейкі чысты бланк. Потым ён адклаў ручку ўбок і зноў узняў вочы на дзяўчынку. — Скажы, а потым... ты іх бачыла потым? Пасля таго, калі...
Ён змоўк, не ведаючы, як лепш закончыць фразу.
— Пасля таго, калі бабуля памерла? — здагадалася дзяўчынка. — А як жа! Я іх часта сустракала потым на вуліцы, праўда, ніколі зблізку. А потым яны зноўку наведаліся да нас. Гэта было, калі захварэла цёця Рая...
— Мая сястра! — падала голас жанчына. — Яна жыве з намі.
— Жыве? — псіхатэрапеўт уважліва паглядзеў на жанчыну. — Дык яна... выздаравела?
— Ну, так! — жанчына сцвярджальна кіўнула. — У яе быў рак, прытым, у самай запушчанай форме, а потым... потым яго раптам не стала...
— Як, не стала? — спытаў псіхатэрапеўт. — Быў і не стала?
Жанчына зноў кіўнула.
— Урач, які лячыў яе, сказаў, што гэта вельмі падобна на цуд! І што ён бы ніколі не паверыў, што такое, наогул, магчыма... не паверыў, калі б сам не лячыў яе, калі б хто—небудзь іншы расказаў яму гэтую гісторыю...
— Проста я папрасіла чалавечкаў, не чапаць цёцю Раю! — сказала дзяўчынка. — Я растлумачыла ім, як сумна мне будзе без цёці Раі...
— І яны паслухаліся? — з нечаканай цікаўнасцю спытаў псіхатэрапеўт.
Дзяўчынка кіўнула.
— Яны заўжды цябе слухаюцца?
Дзяўчынка паціснула плячамі.
— Не ведаю, я іх больш ні аб чым не прасіла. Я сказала ім, каб яны не чапалі цёцю Раю, і яны адразу ж зніклі... А ведаеце, — яна зноў сцішыла голас, — тут, у вашай бальніцы, іх вельмі шмат! Нават у гэтым кабінеце!
— Што? — псіхатэрапеўт міжволі аглядзеўся па баках . — Ну, ты і фантазёрка!
Ён стрымана засмяяўся, але засмяяўся толькі ён адзін і таму амаль адразу ж змоўк. Дзяўчынка глядзела на псіхатэрапеўта неяк вельмі ўжо сур’ёзна і ўважліва, а яе маці, наогул, на яго не глядзела. Яна глядзела на дачку з дрэнна прыхаваным спалохам.
— І іх тут шмат? — нечакана нават для сябе самога спытаў псіхатэрапеўт і, не чакаючы адказу, дадаў: — Што ім ад мяне трэба?
— Нічога! — дзяўчынка зноў паціснула плячамі. — Яны проста чакаюць...
— Чакаюць чаго?
Дзяўчынка не адказала.
— Чаго чакаюць?! — павысіў голас псіхатэрапеўт. — Прызнайся, што ты ўсё гэты прыдумала! Прыдумала, так?!
— Яны просяць вас не крычаць на мяне! — ціха сказала дзяўчынка. — Ім гэта не падабаецца!
— Ах, ім гэта не падабаецца! — устаўшы з—за стала, псіхатэрапеўт шпарка падыйшоў да акна, спыніўся каля яго, нейкі час бяздумна глядзеў уніз. — Не падабаецца... скажыце, калі ласка!
Дзяўчынка таксама ўстала са стула і, падыйшоўшы да псіхатэрапеўта, асцярожна дакранулася да ягонай далоні сваімі маленькімі пальчыкамі.
— Хочаце, я папрашу іх знікнуць? — ціха сказала яна.
— А?!— псіхатэрапеўт недаўменна павярнуўся да дзяўчынкі, іх позіркі сустрэліся. — Што?!
— Яны сказалі мне, што ў вас вельмі зношанае сэрца, — гэтак жа ціха дадала дзяўчынка. — І што ў вас ужо было некалькі мікраінфарктаў. Я, праўда, не ведаю, што гэта такое, але... нічога! Я папрашу іх пакінуць вас у спакоі, — прагаварыла яна ўжо гучней. — Не ведаю, паслухаюць яны мяне ці не... але ж паспрабаваць можна! Калі вы гэтага вельмі хочаце...
У гэты час шырока расчыніліся дзверы і ў кабінет увайшла медсястра.
— Сяргей Фёдаравіч, вы не забыліся пра нараду? — падкрэслена гучна спытала яна, непрыязна зірнуўшы пры гэтым у бок жанчыны. Жанчына адразу ж таропка ўзнялася з кушэткі. — Між іншым, да яе пяць хвілін засталося!!
— Я памятаю!
Псіхатэрапеўт замітусіўся, выцягнуў з шуфлядкі стала нейкія паперы, таропка пачаў іх перагортаваць, адбіраючы патрэбныя. Не звяртаючы больш аніякай увагі ні на дзяўчынку, ні на яе маці, ён заспяшаўся да выхаду і толькі каля самых дзвярэй азірнуўся. Жанчына нерухома стаяла каля дзяўчынкі, абдымаючы яе рукой за плечы.
— Ведаеце, я зусім забыўся пра гэтую нараду! — ён змоўк на імгненне, як бы аб чымсьці разважаючы. — Пачакайце мяне ў калідоры, добра?
— Можа нам лепш прыйсці заўтра? — нясмела прапанавала жанчына.
— Не, не! Пачакайце! — псіхатэрапеўт паглядзеў на гадзіннік. — Я доўга не затрымаюся... пастараюся не затрымацца доўга...
Ён выйшаў. Мядсястра памарудзіла крыху, нецярпяліва чакаючы пакуль жанчына з дзяўчынкай таксама пакінуць кабінет, потым выйшла з яго і сама. 
— Дык нам пачакаць? — спыталася ў яе жанчына.
Нічога не адказаўшы, медсястра змерыла жанчыну халодным позіркам, потым павярнулася і павольна пайшла прэч. Яна ішла па калідору, а жанчына глядзела ёй услед і ў уласным яе позірку па—ранейшаму дзіўна перапляталіся трывога і надзея, надзея і трывога.... 
Потым дзяўчынка ціхенька тарганула маці за руку.
— Пойдзем дамоў, мамачка! — ціха прагаварыла яна.
— Дамоў? — жанчына нерашуча паглядзела на дачку. — Але ж доктар... ён прасіў нас пачакаць, пакуль вернецца...
— Ён не вернецца!
— Не вернецца?
Жанчына нахілілася, яе вялікія змучаныя вочы апынуліся раптам зусім побач з яснымі блакітнымі вачыма дзяўчынкі.
— Чаму ён не вернецца?
Не адказваючы, дзяўчынка толькі моўчкі паціснула плячамі.
— Гэта яны сказалі табе аб гэтым?
Дзяўчынка кіўнула.
Дзесьці ў глыбіні калідора пачуліся раптам нечыя ўсхваляваныя галасы, двое мужчын ў белых халатах таропка прабеглі каля жанчыны з дзяўчынкай. У руках аднаго з мужчын былі насілкі.
— Гэта з Сяргеем Фёдаравічам дрэнна! — паведаміла маці дзяўчынка. — Сэрца не вытрымала. І якраз каля ліфта. Але дарэмна яны так спяшаюцца... яму ўжо не дапамагчы. Куды ты, мамачка?!
Жанчына выпрасталася і нечакана пабегла па калідору ўслед за мужчынамі. Дзяўчынка таксама бегла за ёй, але, як не старалася, усё роўна не паспявала. І толькі за паваротам, калі жанчына спынілася, дзяўчынка змагла дагнаць яе. І адразу ж ўхапіла за руку.
Каля ліфта і сапраўды сабралася шмат людзей, пераважна ў белых халатах, але некаторыя былі і без халатаў. Псіхатэрапеўт нерухома ляжаў на падлозе, тварам уверх, адна з жанчын толькі што зрабіла яму ўкол... побач з ёй санітары таропка разварочвалі насілкі...
— Калі б я папрасіла іх там, у кабінеце... — нечакана гучна прагаварыла дзяўчынка. — А зараз іх ужо позна прасіць...
— Дык яны што, і сапраўды існуюць?! — голас жанчыны раптам спалохана задрыжаў і сарваўся. — Іх тут шмат?!
Дзяўчынка кіўнула галавой.
— І што яны робяць зараз?
Дзяўчынка раптам весела засмяялася.
— Скачуць, дражняцца, паказваюць мне языкі. А адзін з іх толькі што паглядзеў на цябе, мамачка! 
— На мяне?! Ён паглядзеў на мяне?!
У дрыжачым голасе жанчыны быў жах, самы сапраўдны жах.
— Ён што, і зараз на мяне глядзіць?!
Дзяўчынка зноў сцвярджальна кіўнула. Потым яна прыўзнялася на дыбачкі, абняла аберуч маці за шыю і моцна—моцна пацалавала яе ў шчаку.
— Не бойся, мамачка! — прашаптала яна жанчыне на самае вуха. — Няхай глядзіць! Цябе я ім не аддам! Бо мне без цябе будзе сумна! Вельмі сумна!
І яна зноў пацалавала жанчыну ў шчаку.

http://aulasenka.ho.ua/show_tvor.php?t_id=90

Рубрики:  Проза

Метки:  

 Страницы: [1]